ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,
перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.Ж.Тэнарам.
Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз. пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.
т. 12, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)